КАМПЕНСАЦЫ́ЙНЫ МЕ́ТАД ВЫМЯРЭ́ННЯЎ,

метад, заснаваны на кампенсацыі (ураўноўванні) напружання (эрс), якое вымяраецца, напружаннем, што ствараецца на вядомым супраціўленні токам ад дапаможнай крыніцы. Рабочы ток устанаўліваюць па нармальным элеменце з вядомай эрс. К.м.в. выкарыстоўваюць для вымярэння розных эл. велічынь (эрс, напружанняў, токаў, супраціўленняў), а таксама інш. фіз. велічынь (мех., светлавых, т-ры і інш.), якія папярэдне пераўтвараюць у эл. велічыні.

Пры К.м.в. выніковы эфект уздзеяння велічынь, што вымяраюцца, на прыладу параўнання (нулявую прыладу) даводзяць да нуля (гл. Нулявы метад вымярэнняў). К.м.в. вызначаецца высокай дакладнасцю, якая залежыць ад адчувальнасці нулявой прылады. Электравымяральныя прылады, заснаваныя на К.м.в., наз. патэнцыёметрамі або электравымяральнымі кампенсатарамі.

Літ.:

Электрические измерения. 5 изд. Л., 1980;

Электрические измерения. М., 1985;

Справочник по электроизмерительным приборам. 3 изд. Л., 1983.

т. 7, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)